ФІ́ЗІКА ВЫСО́КІХ ЭНЕ́РГІЙ,

раздзел фізікі, які вывучае ўзаемадзеянні элементарных часціц высокіх (рэлятывісцкіх і ультрарэлятывісцкіх) энергій; састаўная частка фізікі элементарных часціц.

Асн. эксперым. сродкі — паскаральнікі зароджаных часціц, а таксама мішэні і дэтэктары для касм. прамянёў, з дапамогай якіх адкрыта ці пацверджана існаванне большасці элементарных часціц (напр., пазітрона, мезона, гіперона, рэзанансу, нейтрына, цяжкіх лептонаў, кварка, калібровачных вектарных базонаў), устаноўлены (ці правераны) фіз. ўласцівасці і характарыстыкі, законы ўзаемадзеянняў, спецыфічныя захавання законы і іх парушэнні. Эксперым. Ф.в.э. вызначае кірункі і ход развіцця тэорыі ўзаемадзеянняў элементарных часціц, якая ў сваю чаргу забяспечвае адэкватнае апісанне эксперым. назіраных працэсаў і фіз. інтэрпрэтацыю атрыманых вынікаў. Ф.в.э. адкрыла новыя магчымасці ў астранамічных і астрафіз. даследаваннях (напр., нейтрынныя і гама-прамянёвыя «тэлескопы»), мае дастасаванні ў тэхніцы, хіміі, біялогіі.

На Беларусі даследаванні па праблемах Ф.в.э. праводзяцца з 1974 у Ін-це фізікі Нац. АН, з 1976 Гомельскім ун-це, з 1987 НДІ ядз. праблем, з 1993 у Нац. цэнтры фізікі часціц і высокіх энергій БДУ на паскаральніках гарадоў Дубна і Серпухаў (Расія), Жэнева (Швейцарыя) і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Фізіка элементарных часціц.

А.​А.​Богуш.

т. 16, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)